10.12.2015

Адпачынак зацягваецца...

Так ужо здарылася, што я захварэла і адразу пасля санаторыя трапіла ў бальніцу. Я пішу гэтыя радкі з тэлефона. Уставаць мне пакуль што няможна, многа працаваць таксама. Таму я пакуль што не магу сказаць, калі вярнуся да сваіх абавязкаў друкаваць для вас беларускія прыказкі. Вельмі спадзяюся, што змагу вярнуцца дадому да Новага года. Але гэта ўжо не ад мяне залежыць... На ўсялякі выпадак друкую загадзя калядны пазл. Калі з'явіцца толькі ён - то я яшчэ хварэю... Вось так бывае: ты вырашаеш для сябе адно, а Бог смяецца з тваіх планаў)).

21.10.2015

Блог ідзе на адпачынак

Шаноўнае спадарства!
У сувязі з тым, што аўтар блога едзе ў санаторый, блог таксама ідзе на своеасаблівыя канікулы. Я не ведаю, ці будзе ў мяне магчымасць дадаваць новыя матэрыялы, таму развітваюся з вамі да снежня!

19.09.2015

Прыказкі з лічэбнікамі. Тры. Ч.3

Хто паехаў нацянькі, будзе ехаць тры дзянькі.
Па тры грошыкі на дзень: куды хочаш - туды дзень.
Тры грошы не варта.
У вераб'я багатая сям'я: у кожнага верабейкі па тры капейкі.
У тры секачы сякуць, аднаго рака пякуць.
Упрасіліся злыдні на тры дні, а за тры гады не выжывеш.
На кухні два слухалі, трэці з голаду акалеў.
Першая чарка калом, другая - сокалам, а трэцяя - мелкаю пташачкай.
Бачыў двух белых, а трэцяга, як снег.
Гаворыць, як тры дні не еўшы.

11.09.2015

Прыказкі і прыкметы. Верасень 2


У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.
У верасні адна ягада, дый тая - горкая рабіна.
Прастаіць верасень сухі - зіма позняя будзе.
У верасні кажух за кафтанам цягнецца.
Халодны бацюхна-верасень, ды корміць добра.
Павуцінне сцелецца па раслінах - да цяпла.
Гусі ў верасні ляцяць - зімачку на хвасце цягнуць.
Калі галкі і вароны садзяцца на ніжнія галіны дрэў, будзе ветрана.
Калі на бабіна лета шмат павуціння - да яснай восені і халоднай зімы.
Чым болей на бабіна лета павуціння, тым халадзейшая зіма будзе.

09.09.2015

Прыказкі і прыкметы. Верасень


Верасень не пачатак, а заканчэнне жніва.
Калі ў верасні шмат павуціння - гэта да яснай і халоднай зімы.
Восень у верасні ідзе і дождж за сабою вядзе.
Прыйшоў верасень - супакоіў прыроду.
Верасень - лістападнік, схіл грыбной пары.
Верасень лета чырвонае праводзіць, восень сустракае.
Жнівень варыць, а верасень на стол падае.
Вераснёўскі гром абяцае цёплую восень.
Запальвай агонь у верасні і ў хаце, і на полі.
Добры верасень - зіма позняя.
У верасні сініца восень у госці просіць.

08.09.2015

Прыказкі з лічэбнікамі. Тры. Ч.2


Не хвалі каня трэцяга дня, а хвалі трэцяга году.
Тры дні хлеба не еў, а зубы калупае.
Не хвалі нявестку ў тры серады, а пахвалі ў тры гады.
Не хваліся ў тры дні, а хваліся ў тры гады.
Першыя пеўні – поўнач, другія пеўні – пара ўставаць, трэція пеўні – пярэдсвет.
Ходзіць за тры вярсты кісель хлябаць.
Ядзім хлеб траякі: чорны, белы і ніякі.
Даў бы траяка на малебен, ды сабе патрэбен.
Адзін сын - не сын, два сыны - паўсына і толькі тры сыны - сын.

01.09.2015

Прыказкі пра школу і веды

Азбука - да навукі драбіны.
Спачатку аз ды букі, а тады ўжо да навукі.
Вучыўся два разы, а не цяміць, што за букі ды азы.
Навука - вялікая моц.
Настаўніка і дрэва пазнаюць па пладах.
Навука лепш за багацце.
Найлепшая школа - само жыццё.
Хто ў цемру глядзіць, той ад святла крывіцца.
Вырас, а розуму не вынес.
Не навучыць школа, дык навучыць ахвота.
Школа вучнямі багата.
Школа настаўнікамі славіцца.
Настаўнік у школе што сейбіт у полі.

17.08.2015

Прыказкі пра свабоду і волю 3

Дай дзецям волю - сам пойдзеш у няволю.
За народ і волю аддам жыццё і долю.
Нашы народы не аддадуць свабоды (савецкая прыказка).
Свабодны чалавек нічога не баіцца.
За свабоду пайду і ў агонь, і ў воду.
Хоць спіна гола, абы свая воля.
Свабода даражэй за золата: тады цану спазнаеш, калі свабоду страціш.
Лепш холадна і голадна, затое свабодна.
Воля слабым сілу дае.

16.08.2015

Прыказкі пра свабоду і волю 2

Хоць голы, абы на волі.
Вольнаму воля не патрэбна.
Лепш на волі на голай ветцы, чым у няволі ў залатой клетцы.
Лепш на свабодзе ў каморцы, чым у няволі ў залатой клетцы.
Жыццё не мае цаны, а свабода даражэй за жыццё.
Або волю здабыць, або дома не быць.
Дай волі на пазногаць, а ён возьме на локаць.
На волі плачу даволі.
Хоць за два дні перад смерцю, але свабодным памерці.
Дзе няма волі, там няма і долі.