23.03.2016

Прыказкі пра свабоду і волю 4

Воля - свой Бог.
Калі многа волі, то трапіш у няволю.
Выбар заўсёды адзін - ці смерць, ці свабода.
Свабоднаму добра і пад кустом жыць.
Асінка горка, затое свая волька.
Свая воля даражэй за ўсё.
Воля няволю адолее.
Кветкі ў полі, чалавек на волі.
Свая воля: хачу - смяюся, хачу - плачу.

04.03.2016

Прыказкі і прыкметы на сакавік


Калі ў сакавіку вада не цячэ, то ў красавіку трава не расце.
У сакавіку аблокі плывуць высока і хутка - да добрага надвор'я.
Сухі сакавік - год павінен быць урадлівым, мокры - неўраджайным.
Калі холад сканчаецца да канца сакавіка - быць цёпламу лету.
Гром у сакавіку - на ўраджай.
Чайка прыляцела - хутка лёд пойдзе.
Калі ў сакавіцкія завеі снег кладзецца на палях няроўна, хваліста, грудамі, то добра народзяцца гародніна і ярына.
Грак на гары - вясна на двары.
Частыя туманы - да дажджлівага лета.
Дзяцел стукае - быць вясне позняй.

25.02.2016

Прыказкі з лічэбнікамі. Чатыры.


Конь на чатырох нагах і той спатыкаецца.
На ўсе чатыры нагі падкаваны.
Рабіць наш Васіль не мае сіл, а клёцкі ў малацэ - за чацвярых валачэ.
У чыстым полі чатыры волі.
Пазыку тры гады чакаюць, на чацвёрты забываюць.
Тры разы даруй, а чацвёрты - не шкадуй!
Дзе чацвёра, там ужо вясёла.

10.12.2015

Адпачынак зацягваецца...

Так ужо здарылася, што я захварэла і адразу пасля санаторыя трапіла ў бальніцу. Я пішу гэтыя радкі з тэлефона. Уставаць мне пакуль што няможна, многа працаваць таксама. Таму я пакуль што не магу сказаць, калі вярнуся да сваіх абавязкаў друкаваць для вас беларускія прыказкі. Вельмі спадзяюся, што змагу вярнуцца дадому да Новага года. Але гэта ўжо не ад мяне залежыць... На ўсялякі выпадак друкую загадзя калядны пазл. Калі з'явіцца толькі ён - то я яшчэ хварэю... Вось так бывае: ты вырашаеш для сябе адно, а Бог смяецца з тваіх планаў)).

21.10.2015

Блог ідзе на адпачынак

Шаноўнае спадарства!
У сувязі з тым, што аўтар блога едзе ў санаторый, блог таксама ідзе на своеасаблівыя канікулы. Я не ведаю, ці будзе ў мяне магчымасць дадаваць новыя матэрыялы, таму развітваюся з вамі да снежня!